Золатава я добра ведаў, бо жыў ён са мной у адным раёне, і я даўно чуў пра яго выбітныя музычныя дасягненьні. Але штосьці ня вельмі верылася, што яны на столькі выбітныя. Сёньня была магчымасьць пачуць ягоны бэнд на свае вушы.

— Ну што, рушым у сярэдзіну, — сказаў Толік гасьцінна і, як гарсон, з паклонам паказаў рукой шлях да ўваходных дзьвярэй.

Першым пайшоў Руды. Мы з Толікам утваралі ягоны тыл.

У сярэдзіне і праўда было шмат людзей. І як толькі мы ўвашлі, загучала музыка. Гэта была пераробленая энімалсаўская песьня Hause of The Rising Sun. Толькі Animals граў яе трохі хутчэй. Золатаўскі бэнд зрабіў з яе сьлязьлівы "мядляк" зь нейкім банальным расейскім тэкстам. У цэнтры "танцпола" пачалі зьяўляцца першыя пары. Толік імкліва зьнік, і неўзабаве мы ўбачылі яго сярод віхляючых целамі, пад гітарныя рыфы і галасок вакаліста, танцавальных параў. Цяжка было добра разгледзець, каго ён запрасіў. Гэта была дзяўчына досыць высокага росту, амаль роўная з Анатолем, з даўгімі, распушчанымі на плечы, русымі валасамі.

— А вам, чувакі, лепш адсюль хіляць. Ваш кораш ужо ня першы раз заляцаецца да Ксюхі, а за гэта могуць быць праблемы зь Селяй.

Я павярнуўся. За сьпінай стаяў абарыген у добра зацяганым — чырвоным у чорную клетку — швэдры. Белыя рэдкія валасы былі залізаны на непаслухмяны прабор.

— І наколькі гэта праўдзівая інфармацыя, сэээр, — расьцягваючы слова "сэр" як мага даўжэй, спытаў я яго.

— Праўдзівей не бывае. Я проста Толіка ведаю, таму лічыце гэта сяброўскай парадай.

Чырвоны ў чорную клетку швэдар гэтак жа незаўважна, як і зьявіўся, зьнік.

— І што будзем рабіць? — спытаў я Рудога.

— Ліняць! Што рабіць? Ня думаю, што тут ёсьць нейкая апазыцыя каралю гарадзкога пасёлка. Будзем бітыя!

Мы прыхінуліся сьпінамі да сьцяны, каб хаця б тыл у нас быў надзейны, і пачалі чакаць Толіка.

Ужо праз колькі хвілінаў міма нас, няпэўнай хадою, прасунуліся нейкія два мудзілы, як бы знарок чапляліся за нашыя ногі. Па іх тварах было бачна, што яны прагнуць з намі пазнаёміцца бліжэй. Гэта быў кепскі знак.

— Слухай, ідзі рыхтуй тэхніку да адступленьня, а я забяру гэтага танцора, — сказаў я Рудому. — Я сьвісну, калі падаць карэту.

Сытуацыя, відавочна, накалялася.

Руды, як можна асьцярожней, пачаў рэціравацца і зьнік за дзьвярыма.

Я стаў прасоўвацца ў цэнтар зала, дзе танцаваў Анатоль. Калі да яго заставалася мэтраў пяць, хтосьці з танцуючых моцна штурхнуў нашага штурмана. О-о-о, гэта быў забаронены прыём! На вачах у дзяўчыны абразіць! Анатоль кінуў танчыць. Далей ўсё вырашалі сэкунды. Я падскочыў да Толіка і выгукнуў яму на вуха:

— З Рудым праблемы!

— Дзе?

— На вуліцы.

Мы, расьпіхваючы ўсіх на сваім шляху, пачалі прабірацца да выхаду. Бакавым зрокам я заўважыў, што сьледам за намі выбіраліся чалавек шесьць-сем тутэйшых.

Выскачыўшы на ганак ДК, Толік спытаў:

— Дзе ён?

— Ля машыны.

Мы што моцы пабеглі ў бок пакінутага "жыгулёнка". Я моцна сьвіснуў. У гэты ж час пачуў, як завёўся рухавік і наш "жыгулёнак" задняю хадою пачаў набліжацца нам насустрач. Ззаду чуўся моцны голас, нехта крычаў, затым заракаталі дзьвіжкі матацыклаў. Мы ўскочылі ў машыну і з гучным віскатам шынаў рушылі наперад.

— І што было з Рудым? — задыханым голасам спытаў Толік.

— Засумаваў без цябе, — паспрабаваў пажартаваць я.

Але гэта было яшчэ ня ўсё. Рокат матацыклаў пачуўся недзе зьлева. Відавочна, абарыгены паехалі нейкай іншай дарогай напрасткі, каб пераняць нас на выезьдзе на шашу.

— У лепшым выпадку закідаюць камянямі, — паспрабаваў я спрагназаваць далейшыя падзеі.

— О, бляха, мяне бацька заб'е. — Руды ўжо праклінаў той час, калі сеў за абаранак аўтамабіля.

— Паварачвай направа! — скамандваў Анатоль. — І выключы фары.

Мы завярнулі на нейкую прасёлачную дарогу і панесьліся між хмызоў. Дарогу асьвятляў толькі месяц. Нас трэсла і падкідвала як на каўбойскім каніатракцыёне. Затым мы павярнулі яшчэ раз. Затым яшчэ.

Праз хвілін дзесяць, на поўнай хуткасьці, мы ўляцелі ў нейкую гразюку і "жыгуль" трывала сеў на бруха. Нашы з Анатолем спробы выштурхнуць машыну нічога не далі. "Жыгулёнак" толькі шалёна круціў заднімі коламі і раскідваў па ўсёй ваколіцы ліпучае месіва. Перапэцкаўшыся па вушы, мы зноў залезлі ў салён.

— Прыехалі, — пракамэнтаваў я падзеі.

— Ну, што рабіць? Спадзяюся, у гэтым балоце нас ніхто ня знойдзе. Давядзецца заначаваць, а раніцай адшукаем які трактар, — цьвяроза разважыў Анатоль.

— Ну усё, мне канцы, — жаласьліва выдыхнуў Руды.

Старонкі дзёньніка

* * *

Каб лепш разумець, на якім ты сьвеце, трэба час ад часу ўступаць у канфлікт з асобнымі важнымі прадстаўнікамі грамадзтва, і табе ўсё дакладна патлумачаць.

Нашаму грамадзтву не хапае звычайнай чалавечай спагады. Пра гэта шмат дзе чытаў, але толькі зараз зразумеў.

* * *

Прачытаў "Стэпавага ваўка" Германа Гесэ. Сапраўды, можна зачыніцца ад звычайнага жыцьця, а затым будзеш адкрываць яго наноў, як новасьвет на Марсе. Толькі ўжо ў тым узросьце, калі гэтыя адкрыцьці ня будуць мець аніякага значэньня.

* * *

Неяк, калі вучыўся ў сёмай клясе, разам з хлопцамі са свайго двара знайшлі падпрацоўку — езьдзілі да меліяратараў дзерці мох у лесе для нейкіх там іхніх міліярацыйных патрэбаў. Нас зьбіралася цэлая ватага, залазіла ў кодаб якога-небудзь газончыка, які ехаў у стары бор, дзе было шмат імху. Там яго дзерлі і грузілі ў той самы газончык. Затым прыяжджала яшчэ адна машына, затым яшчэ. Той лес пасьля нас выглядаў, як пасьля якога пабоішча паміж войскамі дзікоў і мядзьведзяў. Але не пра гэта... Езьдзіў з намі адзін хлопец. Быў менчуком, прыяжджаў да бабулі на лета. Такі ахайненькі, з моднай прычоскай, як у раньніх ролінгаў. Бачыў яго колькі дзён таму. Сьпіты, зь нейкім шэрым, азызлым тварам. Жахліва!

Насамрэч наша жыцьцё пераважна дзеецца ў нашым уяўленьні, нашых марах, нашых снах. Калі думка чалавека, як сьцьвярджаюць навукоўцы, рэч матэрыяльная, дык чым тады розьніцца рэальнасьць ад выдумленага?

* * *

Зорка, якая зіхаціць у дзённым небе, ляціць табе насустрач.

* * *

Сябры ордэна "Зялёнага Зьмія" любяць крамы, якія адчыняцца першымі і зачыняюцца апошнімі.

* * *

Пераможцам робіцца ня той, хто першым прыбег да фініша, або выйграў бой, а той, хто перамог дзеля нейкай агульнай справы і хто здолеў узяць адказнасьць за сваю перамогу.

* * *

Хадзіў з хлопцамі са двара на пікнік у лес. Па дарозе зайшлі на аэрадром мясцовага саўгаса. Паглядзець на АН-2, які часта бачым над сваімі галовамі, — гэтая сталёвая птушка лётае праз наш гарадзкі раён у бок возера Судабаль, дзе апрацоўвае палеткі. Самалёты ўсё ж цудоўныя машыны. Нават такі дзядок, як АН-2, глядзіцца файна! Нездарма амаль усе хлопцы ў дзяцінстве мараць быць лётчыкамі. Пакуль жыцьцё не пачынае ім падразаць крылы.

У адной кнізе прачытаў, што набліжэньне дажджу можна пазнаць па паводзінах аблокаў: тады аблокі валакністыя, заходзяць адно за другое; кучаравыя, з расплывістымі краямі, зь цёмна-сіняй афарбоўкай іх ніжняй часткі, разарваныя, параскіданыя дробнымі шматкамі; перыста-слаістыя, плывуць нізка, павольна, цемнаватыя, чырвоныя і чорныя пры ўзыходзе сонца.

Колькі разоў такія аблокі засьпявалі нас недзе сярод возера Судабаль, дзе з лодкі лавілі карасікаў. Тады хутчэй веславалі да берагу. На ровары — і ў дарогу да хаты. І тут абрыньваўся дождж. Сярод поля. Схавацца няма дзе. І вецер абавязкова ў твар. І дождж такі, што не дае дыхаць, як быццам бы ты пад вадой і на хвіліну толькі вытыркаесься на паверхню, каб схапіць ротам паветра. І такое паўстае пачуцьцё — што ты натуральная частка стыхіі. Як алешына пры меліяратыўнай канаве, як набрынялыя чорнай тушшу аблокі, як бусьляняты ў гнязьдзе, якое птушкі збудавалі на бэтонным слупе. Дарэчы, у дождж ці прыкрываюць малых бусьлянятаў сваімі вялікімі крыламі бацькі?

* * *

ведаю, толькі сьнег


здольны захаваць мае пісьмёны


да кожнай кропкі ў шматкроп’і


да кожнай галоснай у тваім імені


да кожнага чыстага аркуша


на якім напішу


што сны мае


гэта адваротны бок


месяца


траўня


у якім нарадзіўся

* * *

Ёсьць рэчы, якімі нельга валодаць. Гэта я зразумеў у дзяцінстве. А здарылася вось такая гісторыя. Была зіма. Праз вакно я заўважыў, як сініца пнулася залезьці ў мэталёвую трубу-перакладзіну, да якой прывараныя кручкі, каб вешаць бялізну. Я выйшаў на вуліцу, дачакаўся, пакуль сініца зноў залезе ў трубу, хтосьці з мальцаў у двары заклаў адзін бок трубы дашчэчкай, а на іншы я надзеў поліэтыленавы пакет. Вядома, птушка паляцела на святло і трапіла ў пакет. Вырашыў трымаць сініцу ў хаце. Прынёс дадому і зачыніў палонніцу ў скрыні з-пад абутку, зрабіўшы ў накрыўцы дзіркі. А сам задумаўся, як зрабіць клетку. Клетка аднак не спатрэбілася — да вечара сініца памерла. Жоўтабокая прыгажуня няволі не перанесла. Валодаць птушкай не атрымалася. Для мяне гэта была трагедыя. Усьведамленьне таго, што я забіў птушку, мучыла мяне не адзін год. Але ня менш мяне хвалявала пытаньне: чаму яна памерла? Бо ў хаце цёпла, у скрыню я накрышыў хлеба. Чаго ёй яшчэ не хапала? Больш я ніколі не спрабаваў лавіць птушак.

* * *

Зайшлі з Рудым у цір пастраляць на піва. Ясная справа, я яго "перастраляў". "Ты, Джагер, відаць, у гурток юнага варашылаўскага стралка хадзіў? — пачаў пацьвельваць Руды. Нікуды не хадзіў. Можа, проста ў мінулым жыцьці быў паляўнічым.

* * *

Кожны думае так, як яму выгадна.