* * *

Некалькі разоў задаваў сабе пытаньне: ці змог бы ўзьлесьці на комін нашай цеплавой электрастанцыі? На коміне з вонкавага боку ёсьць прымітыўная лесьвіца — з мэталічных скобаў. Во, напэўна, дзе далягляд адкрыецца. Бо комін той відаць ажно з Судабальскага возера.

Два разы задаваў сабе такое пытаньне і два разы адказваў: не, на такі сьмелы ўчынак наўрад ці хапіла б духу.

* * *

што можа быць складаней


за зьбіраньне пазла


зь лістоў вярбы


што расце ў парку


над таемнай лавачкай


якую ведаеш


толькі ты


і яшчэ адзін чалавек


імя якога


ня можаш назваць


як не ўкладай


вузкія зялёныя


лісточкі


не атрымліваецца


патрэбны малюнак


нібыта паміж


реальнасьцю


і тваімі мроямі


няма аніякай


сувязі

* * *

Некалькі дзён не магу чытаць кнігі. Усё напісанае ў іх здаецца мне штучным, прыдумкай аўтара, за якой нічога не стаіць. Навошта мне іхнія гісторыі, якія падобныя на кветкі з паперы і плястмасы, калі жыцьцё штодзень задае процьму пытаньняў, на якія няма адказу ў кнігах. Няхай сабе ў алегарычнай форме, няхай у мастацкіх вобразах. А прыгоды і здарэньні герояў лепш паглядзець у кіно. Я нават у нейкай разгубленасьці. Якой павінна быць кніга? Ну, ясна, — не банальным даведнікам і не прымітыўным апісаньнем нават самага крутога сюжэта. Яна павінна чараваць мастацкасьцю, але пры гэтым не павінна ўзьнікаць пачуцьця, што гэта выключна прыдумка аўтара. Пісьменьніку трэба ісьці па горных вяршынях, імкнучыся не завальвацца ані ўправа, ані ўлева.

s.

"Замок" Косьця Бараноўскі сапраўды быў маім земляком. Мы вучыліся зь ім у адным тэхнікуме, толькі ён на курс раней, і, адпаведна, на год раней Косьця быў прызваны ў войска. Скончыў тую саму вучэбку, пасьля якой яго пакінулі ў роце за сяржанта-настаўніка — навучаць салаг. Ніякай асаблівай палёгкі ў службе ад гэтага я ня меў, але, трэба прызнаць, сяржанцкі склад нашай роты мяне маральна не даставаў. Нейкая адмысловая дыстанцыя трымалася. Усе ведалі, што я зямляк Косьці Бараноўскага, разам зь ім вучыўся, і гэтага было дастакова, каб кавалачак ад той павагі, якую за год службы зарабіў Косьця, дастаўся й мне.

Косьця быў вялікага росту, моцнага складу, і ад гэтага нават крыху мядзьведжаваты. Твар яго быў густа засыпаны ластаўчыньнем. Па-мойму, ён крыху гэтага саромеўся. Таму на людзях трымаўся заўжды тэатральна сур'ёзна, без усьмешкі на твары. Хаця на самой справе быў рахманым, вясёлым дзецюком. Над маладымі байцамі свайго ўзвода ня зьдзекваўся, але і не даваў спуску парушальнікам дысцыпліны. Быў справядлівым камандзірам. І ўзвод яго любіў і імкнуўся не падстаўляць свайго "замка".

Спачатку цяжка было паверыць, што ён, як і мы, такі ж самы салдат тэрміновай службы, што чакае дзембеля, што некаму піша лісты, што, магчыма, яго чакае на "гражданцы" дзяўчына, і ён сьніць яе ў салдацкіх снах.

Я нават не спрабаваў з Косьцем па-сяброўску зблізіцца, бо былі мы абсалютна рознымі. У тэхнікуме нашы кампаніі не перакрыжоўваліся: ну, бачыліся на перапынках паміж заняткамі, на нейкіх агульнатэхнікумаўскіх мерапрыемствах ды на дыскатэках. Ведалі адзін аднаго ў твар і па імені. Вось, бадай, і ўсё. Цяперашняе маё набліжэньне да яго выглядала б як "падмазваньне" да камандзіра. Ніколі такім не займаўся. Ды і не хацеў у вачах калектыву выглядаць нейкім ад'ютантам пры "замку". Усю агульную службу трымаліся мы зь ім на дыстанцыі, і нават калі па заканчэньні вучэбкі я зьехаў у іншую вайсковую частку — лістоў адно другому не пісалі, і пасля, на "гражданцы", таксама не сустракаліся.

Вось такія ў мяне былі адносіны з "замком-земляком". Хаця, канешне, дзякуй, што ён быў. І калі б мне надарылася чымсьці яму дапамагчы па жыцьці, дык не вагаўся б ні хвіліны. Зямляк заўжды дапаможа земляку.

Рота паходным маршам цялёпаецца з палігона. Горача, хаця ўжо сонца ня так паліць. Да таго ж, дарога ідзе па лесе, а тут прыемная засень і прахалода. Пагрукваюць кацялкі, прымацаваныя да салдацкай папругі. Чамусьці яны самыя зьвяглівыя. Вось сапёрскія рыдлёўкі, тыя маўчаць. Толькі паляпваюць па сьцёгнах, нібы падганяючы гаспадароў, маўляў, давай-давай, шырэй крок, пара ўжо ў роце быць і да вячэры рыхтавацца. Аўтаматы за плячыма, тыя ўвогуле толькі ў неба ўзіраюцца. Носяць іх на руках. А ўвечары перад адбоем будуць старанна чысьціць кожную дэтальку, кожную спружынку — лашчыць мягкай анучкай, змазваць алівай. А затым — у збройны пакой, на сваё месца, адпачыць, пабачыць сны, астыць ад страляніны.

— Ро-о-о-т-а, бягом марш! — дае каманду Косьця.

Рота марудна пачынае набіраць хуткасьць. Вось тут на нас забразгала ўсё, што толькі можа бразгаць. Як я ненавіджу гэтую каманду. Божухна! Калона хутка распадаецца і неўзабаве самыя моцныя і трывалыя саслужыўцы аказваюцца сьпераду, а слабыя і інтэлігенты — ззаду. Мы з Красьнічам недзе ў хвасьце. Побач бяжыць "замок" і як можа нам спагадае:

— Ну, ну, давайце, давайце, трымайцеся.

Якое тут трымайцеся, калі ногі падкашваюцца і не хапае паветра для дыханьня.

— Дай твой аўтамат, — зьвяртаецца да мяне Косьця.

Пашкадаваў. Хоча паказаць, што ён і з двума аўтаматамі абгоніць усю роту.

— Ня трэба! — нейкая злосьць закіпае ўсярэдзіне.

Прысьпешваю крок. Адчуваю: адкрылася другое дыханьне. Як быццам бы арганізм сам вынайшаў і прымяніў у жыцьцё рацпрапанову, і цяпер усмоктвае кісларод з паветра кожнай клетачкай скуры. Боты самі ўздымаюцца ўгору і ляцяць-ляцяць. Абыходжу саслужыўцаў аднаго за другім. Вунь і Гусак маячыць наперадзе. Даганяю яго. Засталося якіх крокаў дзесяць.

— Рота сто-о-о-ой! — ляціць над лесам каманда Косьці.

Усе спыняюцца. Заднія падцягваюцца да пярэдніх.

— Адпачыць дзесяць хвілінаў!

Частка Трэцяя

1.

У адпачынак зь Берасьця да Менску я ляцеў самалётам. Ня памятаю ўжо, адкуль узялася такая ідэя. Відаць, хацелася хутчэй дахаты. Папрасіў дзяжурнага па частцы выклікаць таксоўку і як сапраўдны намесьнік камандзіра ўзвода, рэальны ўжо старэйшы сяржант, паважаны падначаленымі (і за гэта ня вельмі шануемы камандаваньнем), сеў у пацёхканую "Волгу" з шашачкамі па бакох і годна прамовіў таксысту: — Аэрапорт.

На ўзьлётным полі чакаў маленькі "Як", у салёне якога панаваў поўны розрух. Нібыта гэты "Як" на штодзень займаўся нейкімі гаспадарчымі перавозкамі, але нечакана пілётаў папрасілі падкінуць некалі чалавек да Менску. У палёце трэсла, гуло і калаціла. Добра, што мой арганізм не паддаецца на такія рэчы. Пасля выпрабаваньня ўнутранымі авіялініямі, можна прымаць у касманаўты, — падумалася прыканцы палёту.

Аэрапорта "Менск-2" тады яшчэ не было, таму прыляцеў адразу ў Менск. Каб дабрацца да чыгуначнага вакзалу хапіла якіх 15 хвілін. Там сеў на электрычку і праз паўтары гадзіны ўжо пагрукаў у знаёмыя да сьлёз дзьверы.

Было неяк нязручна ісьці па родных вуліцах у вайсковай форме. Ведаю, некаторыя хлопцы падчас адпачынкаў нават фарсілі сваім убраньнем колеру хакі. Балазе, у нашым кутку горада ніякіх вайсковых патрулёў не бывае. Маўляў, вось які я герой, шануйце і частуйце, бо я сьцерагу чыстае неба над вашымі галовамі. Будзеце кепска мяне шанаваць, то і я буду выконваць свае абавязкі без энтузыязму. Каму ад гэтага будзе лепш? Прыкладна вось так выглядае іхняе бадзяньне па родных палестынах у вайсковым фрэнчы.

У бацькоўскай кватэры я перш-наперш скінуў хакі і апрануў цывільную вопратку.

Вось і дома. Пра гэта сьніў. Пра гэта ў кожным лісьце пісаў Дзімыч. А ўсё аказалася будзённа і проста. Жыцьцё бяз нас не спынілася. Новыя дзеці пайшлі ў нашую школу. Новыя "каралі" апанавалі танцы ў Доме культуры. Новыя дзяўчаты падрасьлі й кружаць галовы хлопцам на Брызгалаўцы.

І толькі кружэлкі ў маёй шафе засталіся тыя самыя. Яны ўпарта чакалі мяне. Яны ведалі, што яшчэ мне спатрэбяцца.

2.

Быў надзвычай пагодны дзень. Сонца сьвяціла мяккім і лагодным сьвятлом. Я ішоў невядомым шляхам — дарога кружляла паміж высокіх пагоркаў і, здавалася, адмыслова рабіла лішнія петлі, каб падарожнік мог як найдаўжэй палюбавацца цудоўным краявідам. Ісьці было прыемна. Сьпявалі птушкі. Найбольш стараўся жаўрук. Ягоны голас увесь час гучаў над пекным ляндшафтам.

Дарога нарэшце ўзьнялася на ўзгорак і зьнікла. Далей шляху не было, бо ўнізе шырокай паласою ляжаў вадаём. Шырыня яго была недзе мэтраў дзьвесьце. Я пазнаў у ім Брызгалаўку, але ніяк ня мог зразумець — зь якога боку я да яе выйшаў. Горш за ўсё я ведаў тэрыторыю з боку Судабоўкі, але наўрад ці я знаходзіўся ў тых мясцінах, бо, папершае, там няма ніякіх узгоркаў, па-другое, там вадаём больш вузкі і зарослы чаратамі ды аерам. Тут жа быў чысты водны прасьцяг, прычым з надзвычай празрыстай вадой, якая бывае ў Брызгалаўцы толькі ранняй вясною. На мелізьне былі бачныя чорныя сьпіны вялікіх рыбаў, якія ляніва кружлялі амаль на адным месцы, як у стаўку японскага імпэратара.

Я спусьціўся з пагорку на бераг вадаёма і зайшоў у ваду. Вада была цёплая і прыемна лашчыла ногі. Спрацаваў інстынкт рыбака і я паспрабаваў злавіць адну з рыбін. Удалося гэта вельмі проста, бо яны абсалютна мяне не палохаліся. Я выхапіў з вады першую, што трапіла мне пад руку. Гэта быў ці то карп, ці то лешч, але выгляд меў настолькі жалюгодны, што яго адразу адпусціў. Рыбіна была зусім худая, таму і падалося, што больш падобная да ляшча, да таго ж, у яе па бакох месцамі бракавала лускі, а плаўнікі падзертыя, нібыта яна пераадолела сур'ёзныя парогі, каб сюды даплысьці.