Мой родны горад быў ужо зусім іншы. За час маёй адсутнасьці ён выкрасьліў мяне са спісу тых, хто значыўся ў яго на забесьпячэньні. Практычна ўсе мае аднагодкі апранулі гімнасьцёркі. Не было нават з кім выпіць "Такайскага". Ясная справа, я наведаў усе знакавыя мясьціны майго былога жыцьця — танцы ў ДК, кінатэатр "Юнацтва" і рэстарацыю "Вясна". Паўсюль я сустрэў сум і запусьценьне. Мяне як быццам выдзерлі з каранямі са свайго куточка ў родным лесе і перасадзілі ў нейкі іншы. Здаецца, усё тое самае — верас, хвоі, бярозы, сыраежкі, мурашнік, мухаморы, лежні зайцоў і сьцежкі дзікоў — але ўсё іншае, чужое. І самае істотнае — Яна ўжо не працавала ў краме "Культтавары" ў аддзеле грампласьцінак. Магчыма, яна перайшла працаваць у нейкую іншую краму, магчыма, увогуле зьехала з гэтага Богам забытага горада.

На трэці дзень адпачынку я амаль не выходзіў з кватэры — слухаў кружэлкі, круціў VEF, гутарыў з бацькамі. Упершыню я сур'ёзна захваляваўся за сваю будучыню.

Зь цяжкімі думамі я сеў пісаць ліст Дзімычу.

Салам алейкум, Дзімыч!

Не паверыш, але я пішу табе ліст з родных пэнатаў. Так сьпяшаўся дахаты, што вырашыў ляцець самалётам. Дзімыч, калі ўжо ў нас будзе ўласны самалёт, які не раскоша, а сродак пераадольваньня вялікіх адлегласьцяў?

Хачу табе давесьці, што жыцьцё тут бяз нас спынілася. У "Вясьне" сядзяць нейкія барыгі, якім абы напіцца. Танцы апанавалі гопнікі, якія ходзяць выключна сваімі бандамі. Сам па сабе індывідуум зьнік як нетутэйшая форма жыцьця. І гэта ўсё за нейкі год. Дэградацыя чалавецтва паскорылася на вачах!

На танцах ужо ня грае гурт у жывую, а дыджэй круціць з магнітафонаў нейкую тупую музыку. Ты не паверыш! Але гэта так. Дзімыч, я ня ведаю, як вярнуць тутэйшае жыцьцё ў нармальную каляіну.

Мая гітара разладзілася і не паддаецца настройцы. Яна слухаецца толькі тваіх рук.

Вось такі атрымаўся жаласьлівы ліст. Нават зь Печаў нічога падобнага табе не пісаў. Прабач.

Але ня думаю, што ўсё так пэсымістычна. Ёсьць яшчэ жанчыны. Заўтра павінна прыехаць Ленка. З тэхнікуму яна сышла не давучыўшыся. Вярнулася да бацькоў. Зараз недзе працуе ў сваім родным пасёлку. Ня ведаю, ці памятаеш ты яе. Нічога сур'ёзнага ў мяне зь ёй не было. Але гэта, бадай, адзіны блізкі чалавек, які ў мяне застаўся на грамадзянцы. Баюся гэтай сустрэчы. Баюся расчаравацца і ў ёй.

Вось такія мае навіны з волі. Воля, брат, яна павінна быць у нас унутры.

Нічога, мы яшчэ здабудзем уласны самалёт і паляцім на Багамы. Так што качай, Дзімыч, торс. Бо сваімі хударлявымі грудзямі перапудзіш на Багамах прыстойную публіку.

Трымайся. Твой Санча з сяржанцкім салютам. Будзь здароў!

3.

Найбольш часта прыходзілі да мяне ў войска люты ад Ленкі. Яна пісала, праўда, з істотнымі праваламі. Часам зьнікала з далягляду на некалькі месяцаў. Але зноў вярталася і сваімі лістамі ўсё больш выклікала трывогу за яе лёс. Калі я зь ёй пазнаёміўся, то ніяк не ўяўляў, што ў гэтай дзяўчыне сядзіць усярэдзіне нейкі ўпарты чалавечак. Што яна здольная на асабісты бунт і прыняцьце рызыкоўных рашэньняў, якім ёсьць, напрыклад, сыход з тэхнікума. Наўрад ці насьмеліўся б я пакінуць тэхнікум, бо гэта выклікала б шмат праблемаў. Найперш трэба было вяртацца ў школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. Бо мы паступалі ў тэхнікум пасьля восьмай клясы. Без сярэдняй адукацыі ўжо немагчыма было падавацца ў ВНУ. Усё гэта ў сваіх лістах я тлумачыў Лене, але яна ўпарта не хацела мяне слухаць. Пісала ў адказ, што прыняла рашэньне і ўжо ня будзе яго пераглядаць. Гэтай сваёй упартасьцю яна ўсё больш мне падабалася. Хаця і ўзьнікалі пэўныя насьцярожлівыя думкі, маўляў, дзяўчына пайшла ў гулі і якая там вучоба. Але думкі гэтыя я гнаў прэч.

Лена была ці не адзіным чалавекам у сьвеце, які ведаў шмат маіх таямніц і сакрэтаў. Яна ведала, што я пішу вершы. Ведала, чым люблю займацца, якія маю пляны на жыцьцё і многа чаго іншага. Я ёй давяраў. Хаця, магчыма, мне быў патрэбны чалавек для спавядальнасьці. На гэтую ролю лёс абраў гэтую няўрымсьлівую і няпростую дзяўчыну. Дзяўчыну, якая даўно магла адчаліць ад майго берага, але ўпарта яго трымалася.

Лісты Лены

Вітаю, мой дарагі салдацік!

Пішу на супрамаце. Бондараў нейкую фігню тлумачыць. 31 сакавіка здаем іспыт.

Я трохі "прыхварэла", сяджу мучаюся. Учора было весела, сёньня ня вельмі. Ня ведаю, што табе яшчэ напісаць. Усё па-старому. У нашым сіці нічога новага.

Пішы, калі ласка, часьцей.

Хацела яшчэ ў цябе спытаць. Калі, напрыклад, я кіну тэхнікум пасьля двух курсаў, ці буду мець сярэднюю адукацыю?

Да пабачэньня. Не забывай мяне.

Салют, мой дарагі салдацік!

Ты ўсім так рэдка пішаш? Але сёньня сьвята, дачакалася твайго ліста.

У мяне справы абы што, дакладней, жахлівыя. Матэматыка мяне даканае. Дакладней, матэматык.

Ды чорт зь імі, няхай адлічаюць. Хоць зьеду куды-небудзь з гэтай глухмені. Так што неўзабаве будзеш мне пісаць на новы адрас.

Уладзя (памятаеш, з твайго раёну), сволач такая, ажаніўся колькі месяцаў таму, а да мяне цягаецца. Я б на месцы яго жонкі даўно такога паўзуна адмяцеліла. Ня думай, у мяне зь ім нічога не было і ня будзе. Чыста сяброўскія адносіны.

Учора з-за яго не пайшла на заняткі. Прыйшоў а дзявятай раніцы (мне на другую пару трэба было) і не пусьціў у тэхнікум, і сам не пайшоў на працу. Напісаў мне тлумачальную, што я нібыта была хворая. А сёньня загадчык аддзяленьня сказаў, што трэба мэдычная даведка. Але я не хвалююся, усё адно мне тут не вучыцца.

Слухай, якія ва Ўладзі запісы!!! Перапісала сабе на маг два альбомы Pink Floyd — Animals i The Wall. Гэта проста цуд! The Wall дык зусім яшчэ сьвежы альбом.

Ведаеш, неяк самой ня верыцца, што неўзабаве ня буду хадзіць у тэхнікум на заняткі. Але я не шкадую. І ўсё ж ніякавата. Столькі ў мяне тут сяброў, шкада зь імі разьвітвацца. Раней я ўжо ведала, што тут ня буду вучыцца, але не было рашучасьці сысці. А зараз ужо і бацькі ведаюць, дык адступаць ад надуманага будзе несур'ёзна.

Жыцьцё нейкае заблытанае. Сама ня ведаю, чаго хачу. Было б лягчэй, каб ты быў побач.

Пішы. Не лянуйся. Да сустрэчы. Лена.

Алеська, добры дзень!

Толькі сёньня атрымала твой ліст. Дакладей, ён прыйшоў у нядзелю. Паштарка паклала яго ў сярэдзіну газэты "Советская торговля", а яе ў нас ніхто не чытае, акрамя сястры. А ўчора яна ўзяла газэту на працу, разгарнула, а там — твой ліст. Потым пакінула ліст на рабоце, так што ён да мяне трапіў толькі сёньня.

Алеська, дзякуй за парады і ўстаўленьне мазгоў. Але ты не разумееш, як усё надакучыла. Заўтра ўсё вырашыцца. Павінны прыехаць бацькі. Але што яны зробяць? Не хачу — і ўсё. Я сама пакуль нічога ня ведаю. Заўтра я табе абавязкова напішу. Ой, не ўяўляю, што заўтра будзе.

Я, напэўна, табе надакучыла сваімі недарэчнымі лістамі. Да пабачэньня. Пішы. Лена.

Вітаю, Алесь!

Сёньня даслала табе адзін ліст. Пішу другі. Ёсьць на тое прычыны — прыйшла з пэдагагічнай нарады.

У мяне некалі быў канфлікт з матэматыкам. Пасьля чаго мы ўзьненавідзелі адзін аднаго. Ён мне пачаў ставіць адны двойкі, што і працягвае рабіць да сёньня. Уяўляеш? За ўвесь сэмэстар стаялі роўным шэрагам толькі дваякі, нават пашкадаваў хаця б аднаго кволага траяка. Ну вось, а прыканцы сэмэстру па матэматыцы не было ні заліку, ні экзамэну. Таму ён і паставіў мне пару за сэмэстар. Пераздаваць я да яго не хадзіла. Ён мне так і сказаў: можаш зараз і не хадзіць, а ў траўні будзе апошні экзамэн, вось тады за ўсё і спытаю! Ну, думаю, сволач якая. Але вырашыла: пайшоў ён на... Ну а затым усё пачалося. І вось запрасілі мяне на пэдагагічную нараду. Нічога страшнага там не было, хоць маглі адразу й адлічыць. Клясуха была за мяне, дырэктар і загадчык аддзяленьнем увогуле маўчалі. Карацей, загадалі да першага сакавіка здаць матэматыку. Ня ведаю, што будзе!

Уяўляеш, заходжу ў кабінет і пасьміхаюся. А чаго сумаваць? Фізык, мэханік сядзяць і пасьміхаюцца ў адказ — файныя мужыкі. А матэматык: "Чаго пасьміхаесься?" А мая клясуха кажа: "Яна не пасьміхаецца, проста нэрвуецца". Матэматык і змоўк. Ня ведаю, што будзе далей.

Бачыш, твая сяброўка да чаго дакацілася — на пэднараду выклікаюць. Але нічога! Паспрабую выправіцца. Магчыма, не адлічаць. А ўвогуле, хачу сама забраць дакумэнты. Аднак пакуль не набралася сьмеласьці.

Але хопіць пра мяне. Як ты? Ты нічога аб сабе ня пішаш. І яшчэ: ты ўвесь час спрабуеш замяць пытанне: чаму не высылаеш фотаздымак? Сам абяцаў схадзіць сфатаграфавацца і даслаць. А на самай справе?

Усё забываю спытацца, ці пішуцца ў войску вершы? Дашлі, калі што напісалася.

Усё, пакуль. Пішы хутчэй. Лена.

Салдацік, добры дзень!

Ну ты даеш! Раз я перастала пісаць (бо маю праблем вышэй галавы), дык і ты змоўк.

Я ўвесь гэты час не магла табе пісаць. Ты ўжо прабач. Але чаму ты ня пішаш?

У мяне ўсё па-ранейшаму. У аўторак думала здаць матэматыку. Я яе ў труне бачыла, але гоніць клясуха. Усё роўна нічога ня ведаю.

Пішу са свайго пасёлка. Прыехала да бацькоў.

Нядаўна пазнаёмілася зь нейкім мудаком з вашага раёна. Кажа, што жыве насупраць цябе, завуць Андрэй. Казаў, што вы зь ім увесь час сварыліся. Ён сапраўды мудак і алкаголік!

Больш пісаць няма пра што. Да пабачэньня. Лена.

Мой дарагі салдацік!

Нарэшце атрымала ад цябе ліст.

У мяне нічога новага. Практыка. Потым сэсія. Пра новыя пласьцінкі нічога не магу табе напісаць, бо ня бачыла патрэбных людзей, у каго магла б спытаць.

Хачу папрасіць цябе адну рэч. Не нарабі нічога такога да канца чэрвеня, каб твой адпачынак абавязкова адбыўся. Калі ласачка! Я так хачу цябе ўбачыць!

Шукшын мне ня вельмі спадабаўся. Увогуле, чытаць можна, але каб вельмі захапіла, то не скажу. Мне падабаецца Гэмінгуэй. Трэці раз чытаю "Бывай, зброя". Вось каго чытаць трэба. Праўда, у кожнага свой густ.