Я ўбачыў іх са сьпіны. Яны, абняўшыся, зайшлі ў галоўную браму і накіраваліся да кустоў бэзу, што атачалі стадыённую агароджу з паўночнага боку. Я іх адразу пазнаў. Яна — гэта дзяўчына з паралельнай клясы, якая мне калісьці падабалася. А ён — мой сусед па пад'езьдзе: шалапут і патэнцыйны алканаўт. Гэтае спалучэньне ў адным: яе — майго вобразу чысьціні і недасяжнасьці мар, і яго — яскравы ўзор прымітыву і жыцьцёвага марнатраўства, мяне забіла напавал, як маланка ў чыстым полі.

Ад той хвіліны я зьнелюбіў гэты стадыён і нават ахаладзеў да футбола.

Наступным днём я зьехаў на тыдзень у вёску да бабулі.

Усё навокал мяняецца разам са зьменаю твайго сацыяльнага статуса. Вось ты школьнік — і гарадок твой нібыта школьны; тут ты купляеш пончыкі, а тут новыя стрыжні ў самапіску і сшыткі; тут глядзіш мульцікі і кіно на дзіцячым сэансе, а тут гуляеш у футбол на занятках фізры. Увесь гарадок нібыта прыстасаваны адмыслова для твайго школьнага жыцьця. Але варта толькі скончыць школу, як усё навокал мяняецца. Гарадок імкліва прыстасоўваецца да твайго новага сацыяльнага статусу — навучэнца тэхнікума. На гэтых лавачках зь сябрамі ты слухаеш музычныя радыёперадачы з Захаду, у гэтую сталоўку ты час ад часу ходзіш абедаць, бо жывеш нейкі час без бацькоў і няма каму згатаваць табе харчовы камплект, у гэты ДК ты ходзіш на танцы, а ў гэтай краме твае сябры купляюць таннае віно. Па гэтых прысадах ты прагульваешся вечарамі зь сябрамі, а на гэтым паштовым аддзяленьні атрымліваеш заказныя лісты.

А калі раптам апынаесься паміж сацыяльнымі прыступкамі, як над счэпкаю паміж вагонаў, дык гарадок ад цябе адварочваецца. Не пазнае. Нават не зьвяртае на цябе ўвагі. І ты гэта адчуваеш усімі клетачкамі цела. Ад таго нэрвуесься. Невядомасьць цябе пужае. Ты хочаш найхутчэй набыць новы статус. Няхай сабе і жаўнера, бо служыць усё адно давядзецца: чым раней возьмуць — тым раней адпусьцяць.

Едзеш у электрычцы лысы з плецаком, у якім боўтаецца набор маладога жаўнера. Нібыта вяртаесься з бойкі, што не адбылася. І ня ведаеш: радавацца ці засмучацца. З ваенкамату цябе паслалі дамоў — нібыта не зьявілася твая каманда. Што гэта значыць, ня ведаю да сёньняшняга дня. Хутчэй за ўсё, не прыехаў нейкі прадстаўнік, які мусіў цябе забраць з сабой у вайсковую частку. Калі ён ня здолеў прыехаць, дык гэта напэўна добра. Наўрад ці гэты прадстаўнік быў аднекуль з блізкіх мясьцінаў.

А служыць за палярным колам абсалютна не хацелася.

Дзіўна, але ў галаве на той час пульсавала адзіная думка: што, калі дома нікога ня будзе, тады прыйдзецца сядзець на лаўцы перад пад'ездам і кожнаму знаёмаму мінаку тлумачыць, што са мной здарылася. Ключы ад кватэры, ясная справа, я з сабой у войска ня ўзяў. Згодна інструкцыі, яны не павінны быць у плецаку прызыўніка.

Завіс я над счэпкаю вагонаў. І мой родны горад зусім мне не спачувае. Ён не пазнае мяне. І ты ня ведаеш, што ў ім цяпер рабіць. Не, лепш у войска.

Назаўтра я праляжаў цэлы дзень на канапе, слухаў Pink Floyd. Я быў у прастрацыі. Не было нават з кім пабачыцца — большасьць сяброў ужо забралі ў войска.

Аб ваконную шыбу зумкала муха.

Калі б ня Pink Floyd, можна б было звар'яцець. Рэальна існавалі два жыцьцёвыя варыянты: ісьці на працу або браць курс на вэ-нэ-у. І да першага, і да другога я ня быў маральна падрыхтаваны. Ісьці на завод: штодзень ад гудка да гудка, а па нядзелях — на піва. Не, гэта ня зараз. Ня зараз. Не ў маім узросьце. Тады ВНУ. Але якая, якую выбраць спэцыяльнасьць, чаму прысьвяціць жыцьцё? Гэтыя істотныя пытаньні мной абсалютна не былі яшчэ асэнсаваныя і абмеркаваныя. Я ўжо быў пагадзіўся на два жаўнерскія гады. Гэта як адтэрміноўка ад усяго. А тут сытуацыя зноў вярталася ў зыходную пазыцыю.

Гэтак жа былі разгублены і бацькі, якія прыехалі з замежнай камандзіроўкі адмыслова на мае праводзіны. Маці, праўда, усьцешылася і пачала, як камэртон, настройваць мяне: вну, вну, вну, вну, вну...

Над Брызгалаўкай панаваў звыклы спакой. Цёплая вада зь цеплавой электрастанцыі фантанавала ў вадаём з сотні соплаў, ствараючы поп-артаўскі малюнак-паўтор. Сонца сядала за вершаліны дрэваў, што расьлі на могілках на супрацьлеглым беразе. Вадаём яшчэ не пасьпеў зарасьці лопухамі кубышак. Вясна толькі нядаўна апранула ў зеляніну прыбярэжныя лазьнякі.

Я сядзеў на драўлянай лаўцы на высокім беразе, адразу над адкрытым басэйнам, у якім некалі мяне вучылі плаваць. Нашая кляса прыйшла здаваць плаваньне. Я сказаў фізруку, што плаваю зусім кепска і наўрад ці адолею патрэбныя дваццаць пяць мэтраў. Фізрук, напэўна, палічыў, што я шлянгую, і загадаў праплысьці, колькі здолею. Ясна, што мэтраў празь дзесяць у маіх вачах паплылі кругі, і я з апошніх сілаў ухапіўся за драўляны борцік. Фізрук з недаверам выцягнуў мяне з вады. Ён па-ранейшаму лічыў, што гэта сымуляцыя.

Чаму я, які нарадзіўся і пражыў васямнаццаць гадоў ля вялікага вадаёму, ня ўмею нармальна плаваць, для мяне самога была загадка. Шчыра кажучы, я баяўся вады. Дакладней, глыбокай вады. На глыбіні я пачынаў панікаваць і вельмі хутка стамляўся. Праўда, нясьпешна я праплыў бы тыя дваццаць пяць мэтраў, але не на час, калі над табой стаіць фізрук з сэкундамерам. Не, спартоўцам я ня быў, гэта дакладна.

На Брызгалаўцы было добра думаць. Пошум вады, што бесьперастанна ліецца са шчодрых соплаў, неяк улагоджваў думкі. Да таго ж, гэтае прыемнае адчуваньне цеплыні... Асабліва ў прахалодны, золкі дзень.

У скураной кепцы я быў падобны да... Карацей, быў абсалютна не падобны да сябе. Але лысым мне яшчэ больш не хацелася фляніраваць па родных прасьцягах.

Тут, на Брызгалаўцы, я мусіў сустрэцца зь Ленкай. Нічога сур'ёзнага ў нас зь ёй не было. Вучыліся мы ў адным тэхнікуме, яна на год ніжэй. Дзяўчына жыла ў сястры, бо была нетутэйшай. Пазнаёміўся зь ёй выпадкова і зусім не ў тэхнікуме, а ў нашым ДК на танцах. Дакладней, пасьля танцаў яна вярталася дахаты, стаяла на аўтобусным прыпынку. Я ўбачыў яе, падышоў, каб высьветліць: адкуль такая прыгожая дзяўчына. Аказалася, што з майго тэхнікума. Некалькі разоў мы разам бавілі час. Безь ніякіх перабольшваньняў. Я лічыў яе сваёй добрай знаёмай, зь якой можна схадзіць у кіно або прагуляцца пасьля танцаў. Ленка была вясёлым, бесклапотным дзяўчом, і ейная энэргія мяне сілкавала.

Я ўбачыў яе, калі дзяўчына параўнялася з запрудай. Мэтраў за дзьвесьце. Яна ішла неяк насьцярожана. Ленка, напэўна, таксама не чакала такога майго жыцьцёвага павароту, аднак адмовіць мне ў сустрэчы не магла.

— Ну што, салдацік, прыехаў у адпачынак? — сказала яна замест прывітаньня.

— Ага, тры варожыя танкі падбіў, вось і атрымаў тыдзень адпачынку, — мне такі тон размовы нават падабаўся, бо выключаў розныя сур'ёзнасьці і тлумачэньні.

Ленка села побач і пацалавала мяне ў вусны. Такіх вольнасьцяў яна раней не дапускала.

— І што будзем рабіць? — спытаў я, нібыта нас чакаў вялікі выбар: казыно, рэстарацыя, кегельбан або экскурсія на Эйфелевую вежу.

— Чакаю прапаноў, — Ленка была згодная і на Эйфелевую вежу.

— А ты ведаеш, я ў гэтым басэйне аднойчы ледзь не ўтапіўся.

— Русалкі выратавалі?

— Ды не, фізрук. — Я гучна засьмяяўся. Сьмех мяне разьбіраў усё больш і больш. Здавалася, што ў сярэдзіне зьнікла нейкае напружаньне, і таму эмоцыі шчодра выплеснуліся вонкі.

Я абняў Ленку і пацалаваў. Яна не супраціўлялася.

Прывітаньне, Алесь!

Як табе служыцца? Нядаўна бачыла твайго сябрука Рудага, па горадзе разгульваў, чагосьці прыходзіў у тэхнікум. Відаць, засумаваў, бедачына. Нешта рана ён у адпачынак выбраўся, яшчэ і паўгода не адслужыў.

Не паверыш, але часта згадваю, як ты 5 сакавіка падышоў да мяне на прыпынку і мы пазнаёміліся.

А як мы разам гатавалі суп! Памятаеш? Сьмешна,праўда?

Згадваю ўсё гэта, як кадры зь нейкага прыгожага, мілага кіно.

Адкажы мне абавязкова. Адчуваю, буду мець праблемы. Такое, ведаеш, адчуваньне-прадчуваньне. Не, ня тое, што ты думаеш. Нешта іншае. Гоніць мяне як па загародцы — у бок не зьвярнуць. А салдаты не пакідаюць у бядзе дзяцей і жанчын.

Такія вось справы. Адкажы абавязкова! Лена.

Расплюшчваю вочы. Божухна, я сапраўды ў вайсковай казарме. Гляджу на гадзіннік — да пад'ёму засталося пяць хвілін. Пяць залатых хвілін, калі можаш спакойна ляжаць і марыць. Марыць пра той час, калі гэта ўсё скончыцца. Гэтыя пад'ёмы, гэтыя боты і анучы, гэтая салдацкая каша і тупасьць афіцэраў. Божухна!

Уся гэтая вайсковая падрыхтоўка — поўная імітацыя-прафанацыя. Палову з майго ўзвода не навучыць быць жаўнерам нават і за сто гадоў. Добра, што яны яшчэ не перастралялі адзін другога на палігоне. Бо аўтамат патрабуе адмысловых, надзейных рук. Тады дзеля чаго гэтае марнаваньне грошай, чалавечых сілаў і жыцьцяў?

Стаю ў чарзе па кружэлкі. Бачу, як Яна абслугоўвае кліентаў. Джакондаўская ўсьмешка не сыходзіць зь Яе твару. Стос кружэлак, які ляжыць перад Ёй на прылаўку, заўважна памяншаецца. Я ведаю, што хачу набыць Pink Floyd — альбом The Dark Side of the Moon. Сваю ўлюбёную кружэлку. Але чарга ніяк не набліжаецца да прылаўка. Заўважаю, што стаю на адным месцы. Пачынаю нэрвавацца. Не вытрымліваю і штурхаю ў сьпіну чалавека, што стаіць перада мной у чарзе. Чалавек паварочваецца і я бачу, што гэта наш намкамроты. "Нарад на кухню па за чаргой", — кажа ён мне сталёвым голасам.

4.

Калёна нашай роты, падымаючы воблакі пылу, рухалася па грунтовай дарозе ў бок палігону. За сьпінай у кожнага боўтаўся аўтамат. Зараз я ўжо ня памятаю нумару свайго сталёвага таварыша, але раней ведаў дасканала, як паштовы індэкс роднага горада, як нумар свайго хатняга тэлефона або расклад працы крамы "Культтавары". Аўтамат прыемна абцяжарваў плячо. Валоданьне зброяй заўжды павялічвае ўпэўненасьць у сабе.

Цынкі з набоямі везьлі асобна, на бронетранспарцёры, але, бадай, у кожнага з нас у кішэні было некалькі пра запас — зь мінулых стрэльбаў. Груддзю я адчуваў ва ўнутранай кішэні гімнасьцёркі тры набоі, два трасэры і звыклы баявы, — час ад часу яны дзюбкамі паколвалі скуру. Трасэрамі стралялі ўночы з БТРаў, ніхто не лічыў, колькі ты выліў агню ў зорнае неба. А калі страляў мой узвод з кулямёту, па чарзе з малымі перапынкамі, дык руля зброі распальвалася да зыркай чырвані, як у горне каваля.